САЦЫЯЛО́ГІЯ АСО́БЫ,

сацыялагічная тэорыя, якая разглядае асобу як сацыяльна тыповае адлюстраванне і індывідуальнае ўвасабленне пэўнай сістэмы грамадскіх адносін і адначасова як сацыяльна-тыповы суб’ект гэтых адносін. Прадмет С.а. — вывучэнне сац. гіст. і сац.-культурных тыпаў асобы, сац.-тыповых кампанентаў яе структуры і функцый, якія рэалізуюцца індывідам. С.а. зыходзіць з таго, што ў працэсе сац.-гіст. развіцця індывід вылучыўся з родаплемянной супольнасці людзей раней, чым асоба. Адбылося гэта ў эпоху неалітычнай рэвалюцыі (8—7-е тыс. да н.э.), якая дала пачатак цывілізацыйнаму развіццю чалавецтва. Паліятыўны тып індывіда, які набываў некат. рысы асобы, склаўся пазней, прыкладна з канца 2-га тыс. да н.э. і да завяршэння таго перыяду, які К.​Ясперс назваў «восевым часам» (8—2 ст. да н.э.). Сама ж асоба як сістэма сац. якасцей індывіда і суб’ект сац. дзейнасці пачынае праяўляцца спачатку ў антычнай культуры, потым у хрысціянстве. Гэты працэс завяршыўся ў эпоху Адраджэння і наступных за ёй бурж. рэвалюцый, на хвалі якіх узнікла індустр. цывілізацыя (цывілізацыя асобы). У межах гэтай цывілізацыі, паводле М.​Вебера, асоба вылучаецца як самастваральны суб’ект актыўнай сац. дзейнасці. К.​Маркс, З.​Фрэйд, П.​А.​Сарокін, Т.​Парсанс і інш. сацыёлагі ўстанавілі асн. кампаненты структуры асобы: самасвядомасць, самаацэнка, актыўнасць, інтарэсы, накіраванасць, перакананні, устаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, ідэнтычнасць, сац. статус, сац. ролі, самарэалізацыя, самаразвіццё. Структура асобы ў асн. абумоўлена сістэмамі дзеяння, у якія яна ўключана. Паводле Парсанса, асн. функцыі асобы — адаптацыйная, арыентацыйная, пазнавальная, ацэначная, экспектацыйная, аксіялагічная, кантралюючая, стабілізуючая, варыяцыйная, матывацыйная, камунікатыўная і інш. Спецыфічнае для кожнай асобы ўзаемадзеянне гэтых функцый і структурных кампанентаў вызначае яе магчымасць выконваць розныя сац. ролі, у даследаванне якіх пэўны ўклад зрабіў Р.​Лінтан, Дж.​Мід, Р.​Мертан, І.​Гофман і інш. Вылучаюць наступныя сац. тыпы асобы: пасіянарны, мадальны, базісны, маргінальны, мафіёзны, аўтарытарны, дэмакратычны, рэактыўны, праактыўны і інш. Асобасная тыпалагізацыя і рэалізацыя сац. характарыстык розных тыпаў асобы мае практычнае значэнне пры фарміраванні асобы, а таксама ў штодзённым жыцці чалавека.

Літ.:

Кон И.С. Социология личности. М., 1967;

Парсонс Т. Система координат действия и общая теория систем действия: культура, личность и место социальных систем // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ. М., 1996;

Бабосов Е.М. Социология личности // Бабосов Е.М. Прикладная социология. Мн., 2000.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 14, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)